16 кастрычніка - Сусветны дзень хлеба

16.10.2020

16 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень хлеба. Хлебсімвал жыцця, здароўя і дабрабыту чалавека. Ён вылучаецца сярод астатніх прадуктаў, як адзін з галоўных на стале.

Менавіта гэтай тэме было прысвечана свята "Шлях хлеба – ад зярнятка да караваю", які быў падрыхтаваны ў рамках інавацыйнага праектаУкараненне этнакультурнай тэхналогіі для пашырэння  і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі з навучэнцамі 5 класа.

На мерапрыемстве ішла размова аб хлебе, значнасці яго ў жыцці чалавека, беражлівым стаўленні да яго. Дзецям паказалі ўрыўкі з дакументальнага фільма пра жыццё людзей у блакадным Ленінградзе ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі цаніўся кожны кавалачак хлеба. Вучні зрабілі выснову: хлеб –  вялікая каштоўнасць. Ні адзін з прысутных не застаўся  абыякавым.

 Затым дзяцей пазнаёмілі з гісторыяй шляху хлеба ад зярнятка да караваю. У час кароткага займальнага і пазнавальнага відэароліка вучні здзейснілі сапраўднае відэападарожжа ў цэх, у якім выпякаюць булачкі. А таксама даведаліся, колькі зерняткаў  пшаніцы трэба вырасціць, каб спячы адзін батон хлеба, як называюцца людзі, якія вырошчваюць хлеб, і, нарэшце, як раней людзі вырошчвалі хлеб.

Дзеці адгадвалі загадкі пра хлеб, складалі прыказкі і пад народную музыку гулялі ў вясёлыя гульні. На свяце гучалі вершы і песні пра хлеб. Вядучыя расказалі,  як беражліва, з вялікай павагай ставіліся людзі да хлеба ў старадаўнія часы, калі выпадкова хлеб падаў на падлогу, яго падымалі, цалавалі  і прасілі ў хлеба прабачэння.

 

Гэта мерапрыемства  дапамагло дзецям зразумець, што да працы хлебаробаў неабходна адносіцца з павагай і ўдзячнасцю, а хлеб цаніць так, як цанілі яго нашы продкі.